Пачынаючы з 2020 года колькасць адвакатаў у Беларусі ўвесь час змяншалася. Наш праект неаднаразова прыцягваў увагу да сітуацыі ў адвакатуры у
2021,
2022,
2023, 2024 гадах, прычым прычыны такіх зменаў былі
звязаныя з рэпрэсіўнай палітыкай дзяржавы ў адносінах да адвакатаў, якія выступілі як інстытут грамадзянскай супольнасці ў 2020 годзе пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і прымянення да пратэстуючых беспрэцэдэнтнай жорсткасці з боку прадстаўнікоў сілавых структур.
Калі
ў 2020 год адвакатура ўваходзіла з амаль 2200 адвакатамі, то
2024 год пачаўся з 1603 адвакатамі. Гэта пры тым, што і міжнароднае права, і нормы нацыянальнага заканадаўства замацоўваюць права грамадзяніна на адваката як адзін з базісных кампанентаў права на справядлівы суд у прынцыпе
(арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт.арт. 41 і 43 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, арт. 2.8. Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, арт. 14 Міжнароднага пакта ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах і г.д.). З-за такога значнага зніжэння колькасці дзеючых адвакатаў у краіне, Мінюст быў нават вымушаны замацаваць новую рэальнасць у выглядзе пастановы №16, якая
замацавала новы мінімум адвакатаў у юркансультацыях. Рэзультатам стала
змяншэнне нарматыўнага мінімума да 1 адваката на кансультацыю ў 47 ЮК рэспублікі. Права на абарону жыхароў раёнаў, дзе прыходзіцца па адвакаце на ўвесь раён або іх (адвакатаў) няма зусім, хутчэй за ўсё забяспечваецца не ў поўнай меры ці не забяспечваецца зусім.
2021 і 2022 гады сталі
рэкардсменамі па паказніках змяншэння колькасці адвакатаў.
Моцнае гадавое змяншэнне колькасці адвакатаў было зафіксавана ў 2021 годзе у памеры
151 адвакат, што было выклікана ўступленнем у сілу максімальна рэпрэсіўных і абмяжоўваючых незалежнасць адвакатуры зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці”. Нагадаем, што ў канцы лістапада 2021 года набылі сілу вельмі адыёзныя змены заканадаўства аб адвакатуры, якія яшчэ больш узмацнілі залежнасць і кіравальнасць адвакатуры з боку дзяржаўных органаў (падрабязней у матэрыялах “
Доступ да прафесіі: каментар да змен у заканадаўства аб адвакатуры”, “
Атэстацыя/ пераатэстацыя адвакатаў: новае (або старое) у заканадаўстве аб адвакатуры”, “
Пашырэнне паўнамоцтваў Міністэрства юстыцыі: змены заканадаўства аб адвакатуры”, “
Прызначэнне органаў адвакацкага самакіравання Міністэрствам юстыцыі: каментар да змен заканадаўства аб адвакатуры”).
Што датычыцца
2022, то за год адвакатуру пакінулі па тых ці іншых прычынах
195 адвакатаў (гэта тыя, хто не быў гатоў пагаджацца з новымі ўмовамі), а прынятыя былі толькі 24 новыя спецыялісты. Пры гэтым сярод адвакатаў ужо можна было заўважыць і суддзяў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў рэпрэсіях пасля выбараў 2020 года (успамінаем заканадаўчыя папраўкі, якія значна спрасцілі ўваход суддзяў і следчых у адвакатуру). На пачатак 2023 года, паводле рэестру адвакатаў, у адвакатуры засталося 1697 адвакатаў, хаця на пачатак 2022 года, паводле дадзеных таго ж Міністэрства юстыцыі, адвакатаў налічвалася 1868 (гэта значыць,
стала на 181 адваката менш).
Цягам часу памяншэнне колькасці адвакатаў запавольвалася. Так, у 2024 год адвакатура ўвайшла з 1609 адвакатамі, што азначае змяншэнне колькасці адвакатаў на
88 спецыялістаў у 2023 годзе.І нарэшце ўпершыню з 2020 года наш праект зафіксаваў павелічэнне колькасці адвакатаў, якое мае больш-менш устойлівы характар. Масавае затрыманне адвакатаў цягам студзеня-лютага 2024 года (нагадаем, што гэта адбылося амаль без аніякай інфармацыі ў публічнай прасторы, толькі па ўскосных дадзеных атрымалася высветліць, каго магло гэта датычыцца) прывяло да чарговага памяншэння колькасці адвакатаў больш чым на 10 чалавек. Пасля гэтага лічбы больш чым 4 месяцы заставаліся амаль аднолькавымі: 1588-1590 чалавек, а за перыяд з чэрвеня 2024 па жнівень 2024 павялічыліся да 1597.