Пра тое, што дазваляе заставацца ў адвакатуры
Атрымліваць задавальненне ад таго, чым ты займаешся, - гэта важны складнік для любой актыўнасці. Задавальненне ад адвакацкай дзейнасці атрымліваюць далёка не ўсе калегі, ведаю дакладна, яно і разумела, бо па сутнасці праца адваката – гэта забраць праблему кліента і вырашыць яе. Праца вельмі важная, амаль лекарская!
Пазітыўныя моманты – гэта, безумоўна, калі твае намаганні ў выніку дапамаглі кліенту, і тут важна адзначыць, што перамога ў нашай справе – гэта толькі частка поспеху, бо трэба давесці справу да фіналу, а таксама атрымаць добры водгук ад кліента. Але пазітыў – гэта не толькі перамогі, але і адносіны з кліентам, калегамі. Бывалі справы, калі ты біўся як мядзведзь, быў упэўнены ў моцы пазіцыі і доказаў, а ў выніку атрымліваў абсурднае рашэнне. У такія моманты захаваць веру ў сябе і прафесію дапамагае падтрымка кліента і добрыя словы калег.
Былі думкі пра змену роду дзейнасці, гэта даволі стандартная з'ява, бо пішуць жа, што трэба кожныя 5 гадоў мяняць працу. Але немагчыма было пакінуць сваіх кліентаў без юрыдычнай падтрымкі, немагчыма ў адзін дзень перакрэсліць больш за 10 гадоў юрыдычнай практыкі і больш за 5 гадоў юрыдычнай адукацыі. Насамрэч, першы фактар быў для мяне галоўным. Хацелася (нават калі гэта прагучыць наіўна) сваёй праваабарончай дзейнасцю змяніць краіну, дзе "не да законаў" і дзе "словы 'правы чалавека' – ворагі грамадства", на краіну, дзе вяршынства права!
Асабіста ў мяне ніколі не было думак пра наступствы для сабе як вынік маёй працы. Я бачыў запыт кліента і абавязан быў прафесійна аказаць юрыдычную дапамогу. Пасля 2020 года мяне пыталіся калегі і кліенты: "А Вы не баіцеся?" Заўсёды адказваў: "Не, інакш працаваць немагчыма, а я хачу і павінен рабіць сваю працу аддана". Як зараз працуюць калегі – дакладна не ведаю, але чуў пра тое, што па асобных крымінальных справах стала ўжо цяжка знайсці абаронцу.
Пра юрыдычную кансультацыю і атмасферу ў калектыве
У 2021 годзе прыйшлося перайсці ў кансультацыю, бо інакш немагчыма было працаваць, а бюро было ліквідавана. Насамрэч нічога асабліва псіхалагічна страшнага не адбывалася, стандартны перыяд адаптацыі як на новым месцы працы. Адносіны былі працоўныя. Мяне "адправілі ў высылку" больш за 100 км ад месца жыхарства, і кіраўніцтва кансультацыі разумела абсурднасць такога рашэння. У выніку я ездзіў у кансультацыю толькі некалькі раз на месяц: на дзяжурства, на справаздачу і па вызавах па арт. 46.
Кажучы пра сябе, я да канца не адаптаваўся ў юркансультацыі пасля пераходу ў выніку рэформы 2021 года, можа таму ўрэшце страціў ліцэнзію.
Да 2021 года не працаваў у кансультацыях, і тое, што я ўбачыў у 2 кансультацыях, на маю думку нельга назваць калектывам. Гэта хутчэй кангламерат адвакатаў, дзе кожны працуе сам на сябе і трошкі "служыць дзяржаве" (менавіта так мне сказалі, калі накіроўвалі па справах з абавязковым удзелам адваката па якіх адмовіліся ісці астатнія). У той жа час у адвакацкім бюро да рэформы ў нас ўзаемаадносіны былі вельмі цесныя, мы рабілі агульныя праекты, працавалі калектыўна над справамі, добра камунікавалі, праводзілі сумесныя мерапрыемствы - вось дзе быў калектыў! Калі працаваў у бюро быў цікавы выпадак: мяне запрашалі перайсці ў буйную юрыдычную кампанію, адмовіў ім. Пытаюцца: "Пры якой умове вы б далучыліся да нашай кампаніі?" Адказаў шчыра, чым вельмі здзівіў HR-спецыяліста: "Толькі калі не будзе нашага сучаснага калектыву".
Безумоўна, нават зараз ёсць калегі і іх падтрымка, гэта вельмі карысна. Зараз амаль ужо не засталося калег з ліку адвакатаў з ліцэнзіяй, што наводзіць на сумныя думкі, бо большасць з калег – гэта сапраўдныя прафесіяналы з вялікім досведам і сумленнымі каштоўнасцямі. У нас ёсць добрыя прыклады, якім павінен быць адвакат, але, на жаль, такія людзі зараз у турме, за мяжой, без ліцэнзіі. Нягледзячы на складаныя ўмовы, пэўная колькасць калег застаецца ў юрыспрудэнцыі і мае надзею на добрую будучыню. Бо калі ёсць такія нязломныя і прынцыповыя адвакаты, нічога не скончана!
Пра змену стаўлення да адвакатаў з боку органаў і кліентаў
Як кажуць больш дасведчаныя калегі пасля падзей 2006, 2010, мы ўсё гэта ўжо праходзілі. Толькі тэрмін рэпрэсій і іх маштаб былі значна меншыя, а яшчэ не было настолькі даступных сродкаў інфармацыі, таму шмат каму магло падацца, што толькі з 2020 года пачалося нешта раней невядомае. Але, на жаль, "новае - гэта добра забытае старое"…
Трэба прызнаць, што суд, які адбываецца па палітычных справах, - гэта, па сутнасці, дэпартамент сілавых структур. Негатыўнае і непаважлівае стаўленне да адвакатаў з боку суду - гэта працяг такога ж стаўлення з боку МУС, СК, пракуратуры. Мы сваёй працай перашкаджаем ім ствараць тое бяспраўе, якое загорнутае ў абгортку "судовага працэсу". Таму азнаямленне з судовымі справамі адбываецца без фотаздымкаў, хадайніцтвы адхіляюцца, доказы не прымаюцца, пытанні здымаюцца…
Трэба асобна сказаць пра розныя ўстановы. Так, напрыклад, па адміністрацыйных справах з палітычным матывам абаронца фактычна не можа трапіць да кліента ў ІЧУ і ЦІП, хоць па заканадаўству такая магчымасць павінна прадстаўляцца. З доступам да асуджаных у калоніі і турмы таксама ёсць перашкода на наведванне адвакатамі асобных палітычных вязняў, якія зараз па сутнасці знаходзяцца ў становішчы інкаммунікада, зноў такі супраць нормаў заканадаўства. З доступам у СІЗА, як правіла, такіх сістэмных праблемаў няма, але застаецца праблема з забеспячэннем канфідэнцыйнасці сустрэч. Усе зазначаныя праблемы вядомыя і кіраўніцтву адвакатуры, і кіраўніцтву саміх устаноў, і пракуратуры, але яны не толькі не вырашаюцца для забеспячэння права на атрыманне юрыдычнай дапамогі, а наадварот, узнікаюць усё новыя і новыя абмежаванні і перашкоды, гэта наўмысная палітыка паводзін з адвакатамі.
Што датычыцца кліентаў, то аб'ём і змест запытаў змяніліся. Да 2020 года, працуючы ў большасці з бізнесам па гаспадарчых і ў меншасці па адміністратыўных справах, заўважыў, што пасля жніўня 2020м бізнес значна меней звяртаўся да адвакатаў (тут і кавід, і рэлакацыя, і прыпыненне інвестыцыйных праектаў, і прамыя рэпрэсіі), а вось колькасць адміністратыўных і крымінальных спраў павялічылася (рэпрэсіі супраць грамадства, палітычны пераслед, пераход у кансультацыі з абавязковым прадстаўніцтвам па крымінальных справах). У цэлым як асабіста, так і па думках калег адзначыў бы памяншэнне колькасці запытаў.
Узровень даверу кліентаў дакладна змяніўся, бо калі шукаюць адваката, не раз чуў, як просяць "толькі не дзяржаўнага" абаронцу. У гэтым кароткім выразе шмат інфармацыі пра стаўленне грамадзян да сістэмы адвакатуры. Адвакаты на сам рэч ёсць розныя, і зараз, калі нас пытаюцца наконт адмысловага абаронцы, мы збіраем меркаванні калег (ці не было дзіўных учынкаў? ці мае кампетэнцыю па пытанні? ці не супрацоўнічае з органамі?). Ёсць у грамадзян пэўны недавер да абаронцаў па прызначэнні, калі прадстаўніцтва абавязкова, таму імкнуцца адшукаць праверанага адваката па дамове. Іншы раз такія дзеянні абгрунтаваныя, бо калі абаронца без дастатковых падстаў пераконвае кліента і настойвае на прызнанні яго віны, або не жадае камунікаваць з кліентам, яго роднымі, то недавер з'яўляецца імгненна.
Дабрасумленны адвакат па адміністрацыйных і крымінальных справах палітычнага пераследу робіць шмат працы: гэта не толькі падтрымка камунікацыі паміж падабаронным і яго роднымі, фіксацыя і адказ на парушэнне правоў падабароннага, рэкамендацыі па стратэгіі абароны, тлумачэнне цяперашняга становішча па справе і магчымых наступстваў, але у першую чаргу падрыхтоўка і прадстаўніцтва кліента у судзе, на працэсуальных дзеяннях. Нягледзячы на гэта, можна пачуць у грамадстве "навошта гэтыя адвакаты, яны ж толькі грошы цягнуць, а сэнсу ў іх няма", "адвакаты толькі дапамагаюць сістэме".
"Прававы дэфолт", калі абаронца не мае магчымасці з дапамогай прававых сродкаў эфектыўна абараніць кліента, - гэта дадатковы бар'ер не толькі для нашай працы, абароны правоў кліентаў, а і для даверу да адвакатуры і яе статусу ў грамадстве.
Бывае і такое, што кліент баіцца ці не хоча казаць усю праўду па абставінах справы адвакату. "Кліент заўсёды падманвае!" – казаў адзін мой калега. Гэта, безумоўна, не на 100% так, але мы заўседы гатовыя да нечанасцяў, былі вельмі наглядныя прыклады такіх неспадзяванак. Але ў асноўным, асабліва калі ты ўжо працуеш з кліентам пэўны час, давер павялічваецца, нягледзячы на немагчымасць размаўляць у канфідэнцыйных абставінах.