Ці варта апублічваць факты парушэння правоў чалавека ў Беларусі?
Апублікавана 30 снежня 2022

Яна Галаган

Пасля пачатку выбарчай кампаніі 2020 года беларусы зазналі ўсю жорсткасць рэжыму, прававога дэфолту, сутыкнуліся з гвалтам, катаваннямі, збіваннямі і бесчалавечнымі ўмовамі ў месцах зняволення. Гэта беспрэцэндэнтная сітуацыя ў гісторыі сучаснай Беларусі па колькасці зафіксаваных праваабаронцамі парушэнняў правоў чалавека. Амаль два гады бесперапынная жорсткасць з боку беларускіх уладаў кожны тыдзень была галоўнай тэмай у міжнародных СМІ. Тысячы задакуметаваных ахвяраў рэпрэсій выклікалі вялікі рэзананс у свеце, які прыцягнуў хвалю салідарнасці і дапамогі.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваў артыкулам 7 права не падпадаць пад катаванні ці жорсткія, нечалавечыя ці зневажаючыя яго годнасць абыходжанне ці пакаранне, а Канвенцыя супраць катаванняў, безумоўна, вызначае характар абавязкаў дзяржавы ў гэтай сферы.

Пры гэтым, за ўвесь час з траўня 2020 года не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы па фактах смерці пратэстоўцаў і ўжывання да іх катаванняў і жорсткага абыходжання. Следчы камітэт і пракуратура ў сілу ўскладзеных на іх функцый і кампетэнцый не папаўняюць адсутнасць нацыянальнага праваабарончага механізма.

Паўплыпаваць на вырашэнне гэтых праблемаў унутры краіны праз міжнародныя механізмы пакуль немагчыма, але зразумела, што фіксаваць кожнае парушэнне вельмі важна. Каб дамагчыся справядлівасці і адказнасці за злачынствы ў будучыні, варта ўжо сёння ведаць пра штодзённыя здзекі над грамадзянамі. Праз тое, што органы правапарадку не займаюцца раследваннямі катаванняў, збівання і іншых дзеянняў накіраваных на знявагу годнасці чалавека, гэтым займаюцца праваабарончыя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з міжнароднымі органамі. Але трэба шчыра глядзець на сітуацыю: ціск ад уладаў такі моцны (і становіцца толькі горш) з часам, што атрымаць хоць якое сведчанне ад затрыманых вельмі цяжка. Але калі пра гэта не гавораць адкрыта — не значыць, што гэтага не існуе.

Калі грамадзянам краіны немагчыма даведацца пра парушэнне іх правоў уладамі ад дзяржаўных СМІ, няма куды звярнуцца за дапамогай, яны не ведаюць, як пісаць скаргі і куды іх дасылаць — тут ужо становіцца зразумела, што трэба шукаць іншыя прасторы для абароны. Адна з такіх — публічнасць. І тут паўстае пытанне «Ці эфэктыўна агалошваць парушэнне правоў чалавека ва ўмовах беларускага рэжыму»?
Пазіцыя: агалошванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі неэфектыўна
1. «Публічнасць можа нашкодзіць»
Страх перад публікацыямі існаваў яшчэ і да падзеяў 2020 года. Праваабаронцы да гэтага часу сутыкаюцца з галоўным тэзісам супраць апублічвання гісторый катавання і жорсткага абыходжання: гэта можа нашкодзіць затрыманаму, ці таму, хто выйшаў з-за кратаў, але застаецца ў Беларусі.

Гэта адбываецца праз пагрозы ад сілавікоў і супрацоўнікаў розных ведамстваў, якія пужаюць людзей за агалоску новымі тэрмінамі па адміністрацыйных і крымінальных справах, збіваннямі і катаваннямі і нават пераследам сваякоў затрыманых. Так, напрыклад, было і са Сцяпанам Латыпавым, якому пагражалі «пасадзіць» ягоных сяброў, свакоў і суседзеў, калі той не прызнае віну ў судзе. Пры гэтым падчас гэтай размовы яго самога збівалі, пра што ён таксама заявіў на судзе.

Таксама пасля публікацый аб розных фактах парушэння правоў чалавека, якія пацверджаны сведкамі, сваякі затрыманых звяртаюцца да журналістаў і праваабаронцаў з просьбай выдаліць інфармацыю, бо на іх думаку менавіта з-за публікацыі чалавеку «прыйдзецца там цяжка». Або незадавалены тым, што іх блізкі з'явіўся ў спісе палітвязняў, бо супрацоўнікі міліцыі паабяцалі зноў затрымаць яго, калі пабачаць артыкул. Тут, чамусьці, ацэньваецца праца журналістаў, і адказнасць за гвалт перакладаецца на іх, а не на сілавікоў.

Вязень, які сядзеў не па палітыцы, звярнуўся пасля вызвалення да праваабаронцаў, каб распевесці пра дрэнныя ўмовы для «палітычных». Ён сказаў, што самастойна адгаворваў ад супрацоўніцтва з праваабаронцамі сваякоў палітвязняў, бо за кратамі ходзяць чуткі, што ўвага да палітычных гарантуе жорсткі тэрмін. Але на практыцы, няма аніякай розніцы паміж тымі, пра каго пісалі ў СМІ, і тыя, пра каго нават не ведалі — рэжым цісне адразу на ўсіх.



2. Няма сэнсу
«Гэта ні на што не паўплывае, бо закон не працуе» — другі аргумент неэфектыўнасці агалоскі. Людзі проста не бачаць сэнсу пашыраць інфармацыю пра жорсткае абыходжанне, калі злачынцы праз «непрацуючы» закон не будуць несці адказнасць. Гэта таксама вялікая частка тых, хто прайшоў праз рэпрэсіўную машыну. Такія людзі звычайна, калі распавядаюць пра збіванні, кажуць: «Нічога страшнага, могло быць яшчэ горш, не забілі ж».

Гэта сведчыць аб тым, што ў краіне трэба пашыраць інфармацыю пра правы чалавека, каб людзі ведалі як могуць бараніць свае правы не толькі на нацыянальным узроўні, але і на міжнародным. Неадукаванасць у гэтай сферы вымушае закрываць вочы на рэпрэсіі.



3. «Мне адпомсцяць за тое, што я скажу»
«Магчыма помста ўладаў» — трэці аргумент супраць апублічвання. Вязні адмаўляюцца распавядаць пра парушэнні ва ўстановах, бо адміністрацыя можа пагоршыць астатнім сукамернікам_цам умовы. Часта такое можна пачуць ад вызваленых пасля арышту па адміністрацыйных справах. Галоўны тэзіс — «не трэба раздражняць адміністрацыю, бо там і так цяжка, а людзям трэба даседзець тэрміны». І гэта вельмі цыклічна: кожны арыштант_ка незалежна ад часу лічыць так і не дае інфармацыю для агалоскі, пры гэтым ціск менш не становіцца, таму наступныя арыштанты выходзяць з тымі ж думкамі. І так два гады запар.

Маюцца сотні прыкладаў, калі неапублічванне катаванняў і збівання не гарантуюць чалавеку спынення пераследу ў яго дачыненні.

Таму трэба паглядзець з адваротнага боку: як агалоска пазітыўна ўплывае на сітуацыю з рэпрэсіямі.
Пазіцыя: агалошванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі эфектыўна
1. Аператыўная фіксацыя парушэнняў
Па-першае, варта адзначыць, што часта, калі сваякі ведаюць пра збіванне падчас затрымання і просяць не апублічваць, каб чалавека «ціха» вызвалілі, яны не ўлічваюць, што гэтая сістэма працуе інакш: чалавека закідваюць у ізалятар і не дапускаюць адваката, каб не было магчымасці зафіксаваць сляды збівання. То бок на волю ён выходзіць ужо «здаровым». Таму пасля вызвалення будзе цяжэй даказаць факты катаванняў, каб прыцягнуць сілавікоў да адказнасці.



2. Прыцягненне да адказнасці за парушэнні
Па-другое, закон, канешне, не працуе і ў Беларусі няма нацыянальнага механізму, каб абараніць свае правы. Але калі мы змагаемся за тое, каб у будучыні беларусы зазналі жыццё ў дэмакратычнай краіне, трэба збіраць сведчанні для таго, каб прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да рэпрэсій. Акрамя гэтага, беларусы пакуль яшчэ могуць падаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. А рашэнне Камітэта пацвярджае на міжнародным узроўні парушэнне правоў уладамі Беларусі.



3. Не трэба баяцца помсты
Давайце разгледзім прыклад бесперапыннай «помсты» ўладаў за скаргі на адміністрацыю. У ЦІПе на Акрэсціна ёсць адзіная жаночая камера № 15, якая ўвесь час з’яўляецца «пагрозай» для адміністрацыі. Перыядычна жанчыны ў камеры ладзяць бунт: праз галадоўкі, скаргі. У кастрычніку 2021 года жанчыны зноўку камерай абвесцілі галадоўку. 10 мужных жанчын, нягледзячы на пагрозы ад начальніка ЦІПа, такім чынам адстойвалі свае правы супраць адмовы выдаваць туалетную паперу. Першая арыштантка, якая выйшла пасля арышту, не захацела гэта апублічваць, бо сукамерніцам маглі зрабіць яшчэ горш. У выніку, на наступны дзень у жанчын забралі цёплыя рэчы і так і не выдалі паперу. І гэта пры ўмовах абыходжання без матрацаў, бялізны, душа і свежага паветра.

Праз дзень выйшла яшчэ адна жанчына і сказала, што сітуацыя цяжкая і трэба хутка апублічыць. Справа ў тым, што адміністрацыю раззлавала скарга, якая, на здзіўленне, выклікала праверкі. У выніку інфармацыя пра камеру № 15 была апублічана, туалетную паперу не адразу, але ўсё ж такі выдалі, а беларусы ў чарговы раз успомнілі пра жорсткае абыходжанне з затрыманымі.

Вялікі рэзананс — дапамога вязням. Бо яны не ахвяры: нягледзячы на зняволенне яны працягваюць змагацца за правы чалавека. Таму апублічванне — гэта магчымасць агучыць тое, што можна толькі прачытаць па іх вуснах.

У жніўні мінулага года арыштаванай двойчы запар на «суткі» Алене Левінай адміністрацыя ЦІПа адмаўляла ў выдачы батарэек для слыхавога апарата. Жанчына нічога не чуе, эмацыйны стан ад гэтага вельмі пагоршыўся за кратамі. Пасля публікацыі муж жанчыны абурыўся, бо «вы зробіце горш». Пры гэтым да публікацыі яе двойчы асудзілі па надуманых прычынах. Па факце — праз рэзананс у СМІ жанчыне ўсё ж такі выдалі батарэйкі. Але Мінская міліцыя адрэагавала на публікацыю і назвала гісторыю фэйкам.

Галадоўкі (Лосік, Емяльянаў, Аўтуховіч, Гундар, Мацкевіч) — ці пачуюць іх нямы крык без апублічвання? Ці напужаецца адміністрацыя, калі ніхто не будзе пра гэта ведаць?

Цяпер апублічванне нібы зброя, з якой стаяць праваабаронцы і журналісты на шляху да незалежнасці і дэмакратыі. Таму часта праз апублічванне вязні дамагаюцца выконвання сваіх патрабаванняў.

Арцём Анішчук, на якога бесперапынна цісне адміністрацыя розных ўстановаў, у якіх палітвязня ўтрымлівалі, праглынуў металічныя прадметы, каб адміністрацыя калоніі спыніла яго катаваць і здзеквацца над ім. На гэта адрэагавала пракуратура. З пракурорскай праверкай у пенітэнцыярную ўстанову прыехаў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сістэмы і прымусовага выканання. На сустрэчы з адвакатам Арцём пацвердзіў, што ў калонію прыязджалі прадстаўнікі пракуратуры. Але пасля таго, як яны з’ехалі, Арцёма асабіста збіў начальнік калоніі. Аднак пасля публікацыі і пра гэта, Арцёма перавялі ў іншую папраўчую калонію, дзе ціск быў не такі моцны. І здарылася гэта менавіта праз грамадскі рэзананс.



4. Новыя сэнсы апублічвання
  • Акрамя гэтага, апублічванне за два гады палітычных рэпрэсій набыло і новы сэнс — салідарнасць. Цяпер гэта нібыта памежная бяспечная зона паміж двух бакоў, дзе чалавек, супраць якога ужываліся рэпрэсіі, можа распавесці сваю гісторыю (нават ананімна) і атрымаць хвалю салідарнасці і дапамогі.
Так, напрыклад, у Мінску затрымалі за адзіночны антываенны пікет на Кастрычніцкай плошчы пенсіянерку разам з унучкай. На наступны дзень яе аштрафавалі на 3040 рублёў. Менш чым за дзень сума была собрана. І такіх гісторый тысячы. І праца фондаў і збораў залежыць менавіта ад гісторыі рэпрэсаваных.

  • Публікацыі катаванняў і жорсткага абыходжана бяруць за аснову для дакладаў у ААН, зваротаў у міжнародныя арганізацыі і нават для атрымання дапамогі палітычным эмігрантам — як пацверджанне рэпрэсій.

  • Факты збівання і катаванняў, агучаныя да пачатку суда і выклікаўшыя рэзананс прыцягваюць увагу грамадства, што не тое каб уплывае на рашэнне суддзі, але робіць яго больш складаным. Як гэта было, напрыклад, з Вольгай Залатар і Міколай Дзядком. Чым больш увагі — тым пільней сочаць за ходам судовага працэсу. А значыць, у СМІ будуць зафіксаваныя прозвішчы, агучаныя з матэрыялаў справы, тых, хто прымаў удзел у жорсткім абыходжанні.
Высновы
Прыклады, апісаныя ў артыкуле, сведчаць, што ў сітуацыі з парушэннем правоў чалавека маўчанне не золата, а перадумова да недасведчанасці грамадства пра правы чылавека, пра іх штодзённае парушэнне, пра палітычнае становішча нашай краіны. Маўчаць — развязваць рукі сілавікам і даваць згоду на катаванні і збіванне. Агалоска — гэта люстэрка рэпрэсій. Чым менш незалежныя СМІ публікуюць факты жорсткасці сілавікоў, тым больш прапагандысты пішуць, што ў Беларусі не засталося пратэсту. На бытавым узроўні ўсё яшчэ прасцей — людзі не будуць паведамляць пра свой досвед, калі не будуць бачыць прыкладаў. Улады, няглядзячы на маніпуляцыі і пагрозы, баяцца апублічвання сваіх злачынстваў. Менавіта па гэтай прычыне яны спрабуюць знішчыць незалежную журналістыку ў краіне, ліквідуюць прафсаюзы і НДА, закідваюць за краты праваабаронцаў. Праўладныя ведамствы публікуюць абвяржэнні галадовак, збівання і катаванняў без аніякіх доказаў, але баяцца праверак і голасу народа.

Але эфектыўнасць апублічвання — у міжнародным рэзанансе. Калі ўвесь сусвет сочыць за колькасцю палітзняволеных, а прадстаўнікі міжнародных арганізацый далучаюцца да падтрымкі і агалоскі і ладзяць акцыі салідарнасць. А таксама нельга забываць, што менавіта агалоска рэпрэсій і катаванняў палітвязняў за кратамі — лепшая падтрымка звонку, бо хваля лістоў, пасылак, грашовых пераводаў, падтрымка сям'і палітвязняў пасля публікацый і даказвае іх эфектыўнасць.
Нажимая на кнопку, вы даете согласие на обработку персональных данных и соглашаетесь c политикой конфиденциальности, а также даете согласие на направление вам сообщений по электронной почте.
Made on
Tilda